top of page

                                                                                  10 ПАРАДАЎ ЧЫТАЧУ

 

1. Не чытайце кніг аднаго літаратара ў храналагічным парадку: пісьменнік — не амёба, каб бясконца эвалюцыянаваць.

2. Чытайце па некалькі кніг адразу. Толькі так можна пабачыць, што кнігі — гэта зоркі і планеты, каметы і астэроіды, і ўсе яны — разам.

3. Ніколі не чытайце наперад прадмоў да кніг і ўсялякіх рэцэнзій, інакш захочаце праклясьці ўсіх крытыкаў, а сярод іх жа ёсць някепскія людзі!

4. Перачытвайце творы, што ўпадабалі, — адразу і як мага часцей. Бо з часам вы можаце змяніцца, прычым не ў лепшы бок, і тады вашыя ўлюбёныя кнігі зачыняцца, як праход у Нарнію.

5. Не карыстайцеся рыдэрамі. Дотык да кніжнай старонкі ёсць сапраўдны пачатак дыялогу і спазнання свету.

6. Хоць раз у жыцці пачніце чытаць які-небудзь твор Нгуен Чаю ці Якіна Шкодры, і тады на другім канцы Зямлі нехта ў гэты момант разгарне кнігу Максіма Багдановіча ці Івана Пташнікава.

7. Чытайце кнігі паўсюль, дзе можаце, акрамя прыбіральні, гэта брыдка. Лепш захапіце туды “Нашу Ніву” — эфект будзе лепшым.

8. Ніколі не параўноўвайце пісьменьнікаў — інакш кніжны Бог вас сурочыць, і вы будзеце бясконца блытаць Івана Луцэвіча і Канстанціна Міцкевіча, а тое вялікі сорам для кожнага свядомага беларуса.

9. Не чытайце кніг, мацаючы пальцамі штораз, колькі яшчэ старонак засталося. Галоўнае ў кнізе — першыя сказы, як пачатак шляху, і сярэдзіна, як стрыжань дрэва.

10. Паспрабуйце аднойчы напісаць кнігу самі, каб даведацца, як гэта: аднаму пераходзіць вялікае, ільдзіста-белае поле.

bottom of page